Снежнае відовішча ў Гродне
Моцны снегапад абрынуўся на Гродна ў пятніцу 29 студзеня. Снег ішоў цэлы дзень, а пад вечар яго было столькі, што здавалася зараз увесь горад скрыецца пад казачнай белай коўдрай.
Прыемна было прайсціся па вуліцах, адчуць асалоду ад ціхіх пушынак, што непрыкметна клаліся на адзёжу, убачыць прыгажосць у такой, здавалася, малапрыкметнай з’яве як студзеньскі рахманы снегапад. Снег быў такі шчыльны, што немагчыма было нічога разгледзіць на адлегласці больш за сто метраў. Адным словам – казка!..
Адразу ўспомніліся словы Паўлюка Труса:
Падаюць сняжынкі -
дыяменты росы,
Падаюць бялюткі
за маім акном…
Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
І ўранілі долу
снегавы вянок.
Дзесьці ў прасторах
празвінелі бомы,
Дацвілі пялёсткі
нейчае тугі…


