Свежы погляд на гісторыю: Раман Дайнекі «Назаві сына Канстанцінам»
Апошні раман Леаніда Дайнекі “Назаві сына Канстанцінам” уражвае цікавай формай падачы матэрыяла, калі дзеянне адначасова адбываецца ў некалькіх часавых прасторах: эпоха Канстанціна Вялікага (ІV стагоддзе), пачатак і сярэдзіна ХV стагоддзя, пачатак ХVІ стагоддзя. Адлюстраванне падзейнасці ў яе шматлікіх зносінах з пазачасавасцю адцягвае на другі план характарыстыку непасрэдна дзейных асоб, дзякуючы якім увага чытача сканцэнтравана на прыгожым і маляўнічым апісанні побыту таго часу.
Галоўныя героі рамана Л.Дайнекі – асобы моцныя не толькі фізічна, але і духоўна. Марцін Жабыка-Жэмба, яго каханая Зося Квяцінская (Зося Ліцвінка). Яны беларусы, з Вялікага Княства Літоўскага. Напачатку твора дзеянне адбываецца ў Італіі, у 1452 годзе. Аднак пасля, дзякуючы манускрыпту алхіміка, яны атрымліваюць магчымасць перанесціся ў далёкае ІV стагоддзе, часы праўлення Канстанціна Вялікага ў Італіі. Падчас бітвы за ўладу Марцін Жабыка-Жэмба становіцца сенатарам Палемонам, які, паводле старажытных беларускіх хронік, з’яўляецца родапачынальнікам літоўскай шляхты.
Сам факт звароту да тэмы пачаткаў нашай дзяржавы не можа не захапіць. Не так шмат твораў, прысвечаных менавіта такой праблематыцы існуе ў масіве беларускай літаратуры, таму чытаць было цікава і захапляльна. Аўтар звяртаецца таксама і да апісання вядомай Аршанскай бітвы, несправядліва забытай у наш час.
Раман “Назаві сына Канстанцінам”, тым не менш, мае і пэўныя мінусы, якія варта адзначыць. Твор перагрувашчаны гістарычнымі фактамі, звесткамі, апісаннямі, падрабязнымі даведкамі. Безумоўна, вельмі важна ў гістарычным творы аперыраваць такімі катэгорыямі, архіўнымі звесткамі, аднак для чытачоў гэта занадта запавольвае падзейнасць і надае сюжэтнаму руху адчуванне ненатуральнасці.
Прачытаць раман Леаніда Дайнекі можна ў часопісе “Маладосць” за 2008 год, № 4-8.